Снежань — самы светлы час для католікаў. Увесь месяц яны рыхтуюцца да галоўнага сямейнага свята — Божага Нараджэння. Аб тым, як яго святкуюць, расказвае ксёндз Януш Чарнамораў, пробашч парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Нароўлі.

Радасны перыяд падрыхтоўкі да свята Божага Нараджэння называецца Адвэнтам.

—У гэты час вернікі прымаюць тры пастановы. Першая тычыцца адносін чалавека да Бога, другая — да бліжняга і трэцяя — да сябе. Вернік прыкладае канкрэтныя намаганні, каб перамяніцца да лепшага. Узмацняецца гэта праца над сабою малітвай і пастом, — гаворыць мой суразмоўца.

Па словах ксёндза, характэрным знакам Адвэнта ў дамах і святынях з’яўляецца вянок. Ён выконваецца з зялёных яловых ці сасновых галінак у форме круга, на якім размяшчаюць чатыры свечкі. Святло іх у вянку азначае надзею, а яго зеляніна — працяг жыцця. Форма круга сімвалізуе вечнасць, якая не мае пачатку і канца. Адвэнтавы вянок — сімвал Божага народа, які чакае ў радасці і любові прыходу Збаўцы ў свет.

—У вечары 24 снежня, калі загарыцца першая зорка на небе — сімвал Віфлеемскай зоркі, сям’я збіраецца пры вігілійным стале, — прадоўжвае размову Януш Чарнамораў. — Па даўняй славянскай традыцыі адно месца за сталом застаецца вольнае, як памяць аб памерлых і аб падарожных, якія неспадзявана могуць пастукаць у дзверы. На стале расцілаецца крыху сена, як напамін аб убостве віфлеемскага грота, дзе Марыя паклала нованароджанага Хрыста ў яслі. Стол засцілаецца белым абрусам, упрыгожваецца яловымі лапкамі са свечкамі. У цэнтры стала на талерку, пакрытую сурвэткай, кладзецца аплатка і разгорнутая кніга Евангелля. На стол падаюцца посныя стравы. Гаспадар дому чытае фрагмент Евангелля пра Нараджэнне Хрыста і заахвочвае сям’ю да супольнай малітвы, затым наступае момант дзялення аплаткай. Дзелячыся ёю, члены сям’і складаюць сабе пажаданні і просяць аб прабачэнні. Пасля Вігілійнай Вячэры вернікі збіраюцца разам у Касцёле на начную Святую Імшу.

Святкаванне Нараджэння Збаўцы працягваецца да Свята Хросту Пана. Гэты час поўны святочных урачыстасцей у касцёле, спеў калядак, здзяйснення ўчынкаў міласэрнасці. Сем’і запрашаюць святара з калядным візітам, падчас якога духоўны айцец моліцца з сем’ямі, благаслаўляе дамы і праводзіць душпастырскія размовы. Вернікі з калядкамі накіроўваюцца да родных і знаёмых, несучы Добрую Навіну аб Нараджэнні Збаўцы свету.

Нараджэнне Ісуса, яго святое жыццё, мука, смерць і змёртвыхпаўстанне з’яўляюцца найважнейшымі падзеямі, сапраўднай новай эрай, часам ласкі і міласэрнасці, збаўлення для кожнага з нас. Свята Божага нараджэння дапамагае аднавіць надзею, распаліць любоў і ажывіць веру ў жыццё вечнае з Богам!

Вольга ПАРТЫКА, фатаздымак аўтара