Сёння Нараўлянскі раён адзначыць 97-годдзе. Амаль вякавая гісторыя аднаго з паўднёвых куточкаў краіны. Гісторыя, якая складаецца з лёсаў жыхароў, развіцця прадпрыемстваў, святочных дзён і дзён журботы.
Уліпені 1924 года раён пачаў свае існаванне як адміністратыўная адзінка. Ён займаў плошчу больш чым у 2 000 квадратных вёрст, меў 95 населенных пунктаў з 6 356 дварамі. На той час у ім было 24 сельсавета. Некаторыя з іх — нацыянальныя. Так, Аляксандраўскі, Кустаўніцкі, Тварычаўскі (цяпер у складзе Мазырскага раёна) — лічыліся польскімі, Бярозаўскі — нямецкім, а ў Акопскім і Хаткаўскім жылі, у асноўным, украінцы. І думаецца, што жылі ўсе паміж сабой у міры, таму што гісторыя зваротнага не ведае.
А гэта значыць, што не дзялілі на сваіх і чужых, а, наадварот, аб’ядноўваліся з мэтамі ствараць, множыць, працаваць.
І працаваць было дзе: 13 паравых млыноў, 8 ветракоў і вадзяных млыноў, 7 скуразаводаў, 3 дзягцярныя заводы, па выпуску вапны, 10 воўначасалак, 27 кузняў. Насельніцтва, у асноўным, займалася сельскай гаспадаркай. Але былі і шаўцы ботаў, верхняга адзення, цесляры.
У раёне арганізаваны бібліятэка, аграпункт, міліцыя, школы. Праз некалькі гадоў свет пабачыў першы нумар раённай газеты «За калектывізацыю».
Былі, вядома, і годы тэрору, беспадстаўных рэпрэсій, якія прынеслі шмат гора, і перыяд Вялікай Айчыннай вайны, пад час якой не толькі Нараўляншчына, але і ўся Беларусь, страціла кожнага трэцяга жыхара.
Чорнаю плямаю на землі раёна легла катастрофа на Чарнобыльскай АЭС. Пакінулі нараўляне родныя дамоўкі, раз’ехаліся па розных куточках зямлі. Але не забываюць малую радзіму, землякоў. Штогод прыязджаюць на Радаўніцу ў адселеныя вёскі, каб ушанаваць памяць продкаў.
І не гледзячы на ўсе беды, што выпалі на долю Нараўляншчыны, яна не стала перагорнутай старонкай гісторыі, а працягвае развівацца і прыгажэць. Працуюць прадпрыемствы, гучаць дзіцячыя галасы і , як і раней, жыхары раёна сумленна працуюць на карысць роднага краю.
Алеся ЛІТВІН, фота з архіва