30 лістапада ў Паўсюдным Касцёле распачынаецца Адвэнт – (ад лац. Adventus – прыйсце) – літургічны перыяд чакання на прыйсце Збаўцы. Гэта час духоўнай падрыхтоўкі, чакання і надзеі. Менавіта гэты перыяд распачынае ў Касцёле новы літургічны год.


Адвэнт доўжыцца чатыры нядзелі, якія папярэднічаюць Божаму Нараджэнню, і дзеліцца на дзве часткі: першая – да 16 снежня – гэта час радаснага чакання паўторнага прыйсця Езуса на сканчэнне свету; другая – з 17 па 24 снежня – звязана непасрэдна з падрыхтоўкай да ўрачыстасці Нараджэння Пана. Галоўная мэта Адвэнту – прыгатаваць нас да прыйсця Хрыста. Таму Касцёл называе гэты час “радасным чаканнем”. Хоць гэта радасны перыяд, але гэта ўсё роўна час духоўнага прыгатавання, калі трэба падумаць над сваім жыццём, засяродзіцца на малітве і змяніць сваё сэрца да надыходзячага свята. Таму вернікі прымаюць тры пастановы, над якімі актыўна працуюць на працягу ўсяго перыяду. Першая пастанова тычыцца адносін з Богам, другая — з бліжнім, трэцяя да самога сябе.

На працягу ўсяго літургічнага перыяда спадарожнічаюць галоўныя адвэнтавыя постаці: Найсвяцейшая Панна Марыя, апякунка Адвэнту, прарок Ісая, якія прадказаў прыйсце Хрыста, і Ян Хрысціцель, які падрыхтаваў народ да сустрэчы са Збаўцам.
Найбольш характарыстычнай літургіяй гэтага перыяду з’яўляюцца Рараты – ранішняя св. Імша на ўшанаванне Найсвяцейшай Панны Марыі. Іх назва паходзіць ад традыцыйнага спеву на ўваход Rorate Cœli desuper – “Крапіце, нябёсы, расу з вышыняў” (Іс 45, 8).

Падчас перыяду Адвэнта ў касцёлах арганізоўваюцца трохдзённыя рэкалекцыі, якія дапамагаюць духоўна падрыхтавацца да ўрачыстасці, засяродзіцца над сутнасцю Божага Нараджэння. Гэта добрая нагода, каб спыніцца, суцішыцца, паглядзець на сваё жыццё ў святле веры і падрыхтавацца да сакрамэнту споведзі.

Характэрным знакам Адвэнту ў дамах і святынях з’яўляецца адвэнтавы вянок. Адвэнтавы вянок выконваецца з яловых галінак у форме круга, на якім размяшчаюць чатыры свечкі — сімвал чатырох нядзеляў Адвэнту. Першая свечка сімвалізуе супакой, другая – веру, трэцяя – радасць, чацвёртая – надзею. Круглая форма вянка азначае, што Бог вечны, Ён не мае ні пачатку, ні канца. Яловыя галінкі – сімвал вечнага жыцця.
Цалкам адвэнтавы вянок — гэта сімвал Божага народа, які чакае ў радасці і любові прыходу Збаўцы ў свет.

Перыяд Адвэнта дапамагае ў тым, каб годна падрыхтаваць сябе да свята прыйсця Збаўцы. А пасля з чыстым сумленнем і шчырай радасцю сустрэць Божае Нараджэнне.