Настаўнік беларускай мовы і літаратуры Галоўчыцкай сярэдняй школы Наталля Ільючэнка шчыра працуе, каб у поўны голас гучала беларуская мова: песенная і мілагучная, непаўторная і самабытная, мудрая і сучасная, каб яна была запатрабавана яе вучнямі.

Жыве і працуе Наталля Аляксееўна з перакананнем, што кожны школьны ўрок з’яўляецца ступенню духоўнага станаўлення чалавека. Калі вучняў зацікавіць прадметам, тады тэма заняткаў кранае, захапляе, абуджае лепшыя пачуцці, настройвае на міласэрнасць, спагаду, добрыя ўчынкі і справы, яны праходзяць без званкоў, становяцца ўрокамі на ўсё жыццё.

Спасцігаецца мова ў сціплай цішы сельскай школы, дзе сапраўдная носьбітка беларускага слова — Наталля Ільючэнка — імкнецца данесці і перадаць яе прыгажосць сваім вучням. Змястоўны і ўтульны ў настаўніка кабінет. Філолаг робіць усё, каб мова выдзялялася сярод іншых і напаўняла мілагучнасцю акаляючае асяроддзе. У яе сабрана дастаткова падручнікаў і дапаможнікаў, накоплены багаты матэрыял, каб на добрым узроўні даваць веды і дастойна рыхтаваць вучняў да ўдзелу ў прадметных алімпіядах і цэнтралізаваным тэсціраванні.

Усе мае вучні любяць родную мову, адчуваюць сябе беларусамі, — з гонарам канстатуе факт мая суразмоўца. — Наша нацыянальная мова — старажытная дзяржаўная мова Вялікага Княства Літоўскага, і сучасная, на якой напісаны неўміручыя творы вядомых класікаў літаратуры. Мае любімыя творы — раманы Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім», Івана Мележа «Людзі на балоце», уся творчая спадчына Васіля Быкава, лірыка Максіма Багдановіча.

Ёсць поспехі і ў навучэнцаў. Напрыклад, адзін з апошніх — перамога ў абласным конкурсе «Гавары са мной па-беларуску» яе вучаніцы і дачкі Елізаветы. А сын Максім піша вершы на роднай мове. Раней нямала дасягненняў было і ў Марыі Мяцельскай.

Пройдзе час, і вучні Наталлі Аляксееўны будуць вызначаць лёс краіны, зберагаць і перадаваць будучым пакаленням культурную спадчыну беларускага народа. Таму вельмі важна, што настаўнік умее абудзіць у іх найлепшыя маральныя якасці, выхоўвае любоў і паважлівае стаўленне да мовы, патрыятычныя пачуцці.

Я шчыра жадаю, каб беларуская мова заняла сваё пачэснае месца і каб ёю карысталіся ў паўсядзённым жыцці. Я ўпэўнена, што мае вучні пранясуць любоў да яе ў сваім сэрцы праз пакаленні, — гаворыць яна.

Многія настаўнікі Нараўляншчыны прыкладаюць вялікія намаганні, каб беларуская мова жыла і квітнела. Дзякуй ім за прыхільнасць і адданасць роднай мове, за яе граматную папулярызацыю і распаўсюджанне сярод тых, каму належыць будучыня.

Вольга ПАРТЫКА, фота з інтэрнэта і архіва Н. Ільючэнка