Мінуў шэраг навагодніх свят, калі я з асцярогай глядзела на свой мабільны тэлефон, які радаваў мяне цішынёй толькі ў рэдкія моманты. Віншаванні! І вока тузаецца ад бясконца перасланых карцінак, паштовак і анімацый.

— Несумленная, — падумаюць многія. — Адпраўнік стараўся!

Ну так, чалавек ад чыстага сэрца, з усёй душой скапіяваў малюнак з інтэрнэту або папярэдняга дыялогу, рухам пальца дакрануўся да кнопкі «адправіць» і павіншаваў мяне са святам.

Не, я не прыдзіраюся. У тым, што вы хочаце павіншаваць каго-небудзь з важнай датай няма нічога дрэннага. Увага — вельмі прыемна, добра. І віншаваць адзін аднаго са святамі таксама важна. Толькі рабіць гэта трэба з павагай і да адрасата, і да свята.

Прызнаюся, я часта жадаю ў такія дні выдаліць мэсэнджэры, таму што менавіта яны пазбаўляюць мяне нярвовых клетак, а пажаданні — душы, ператвараюць некаторыя сур’ёзныя і важныя даты ў жарты. Што ўжо казаць аб выкарыстанні стэрэатыпаў. Проста іспанскі сорам.

Напрыклад, як вам віншаванні з Днём абаронцы Айчыны, дзе мілы зайчык на фоне Ордэна Айчыннай вайны чытае вершы мульцяшным голасам? Ці напаўголыя дзяўчыны ў міні-спадніцах камуфляжнай расфарбоўкі? З 8 Сакавіка такая ж бяда. Ох, ужо гэтыя мужыкі з голымі торсамі і патэльнямі! Ці фота вялізнага букета з ружамі… Прабачце, але такія кветкі я не люблю.

І гэтыя фатаграфіі перасылаюцца ўсім родным, блізкім, калегам, нават не ўдумваючыся, ці дарэчы гэта, і як у цэлым чалавек ставіцца да дадзенага свята. Але горш за ўсё — гэта бясконцы паток такіх паштовак у школьных бацькоўскіх чатах. Тут цябе павіншуюць і з Вялікаднем, і з Днём унутраных войскаў Паўночнай Карэі. І кожны з бацькоў чамусьці лічыць сваім абавязкам адказаць у такім жа стылі — карцінка з кветкамі і подпісам «Дзякуй!». Навошта? Ну як, свята ж, трэба віншаваць… Каму трэба? Калі што, мне — не.

Калі вы сапраўды хочаце зрабіць чалавеку прыемнае і павіншаваць яго з нечым важным, то некалькі хвілін на тэлефонную размову або паведамленне з простымі словамі, напісанымі ад душы — лепш бяздушных укладанняў.

Наперадзе яшчэ шмат свят, як значных, так і не вельмі, і я спадзяюся, што мяне  «выключаць» са спісу віншаваных. І мне не давядзецца зноў чысціць тэлефон ад бессэнсоўных карцінак.

Алеся Літвін