Музычны форум аб’яднаў у Ельску лепшых гарманістаў, выканаўцаў прыпевак, вакальныя калектывы з раёнаў Гомельшчыны і іншых абласцей Беларусі. Тут сабралася больш за 250 чалавек, а лейтматывам свята стала тэма народнага адзінства. Нараўляншчыну прадставілі Уладзімір Палонікаў, народныя фальклорныя калектывы «Завайцянка», «Спадчына» і іншыя.

Праграма мерапрыемства была насычанай: фестывальнае шэсце ўдзельнікаў, урачыстае адкрыццё, конкурсныя праслухоўванні, лакацыі творчасці з інтэрактыўнай пляцоўкай-флэшмобам музыкаў-гарманістаў і выканаўцаў прыпевак, разнастайныя забавы і шмат-шмат іншага. Так, немагчыма было абыякава прайсці міма вырабаў майстроў дэкаратыўна-прыкладной творчасці «Праменад майстроў» і майстар-класаў па розных відах рамёстваў. Тут шырока былі прадстаўлены вырабы нараўлянскай майстрыхі Юліі Каўрус. Чарговы раз госці пераканаліся, што палешукі — народ не толькі творчы, але і гасцінны. Тут працавалі тэматычныя сялянскія падворкі, дзе кожны жадаючы мог паласавацца стравамі нацыянальнай кухні, убачыць майстар-клас па прыгатаванню страў.

— Каштоўнасць і важнасць фестывалю «Грай, гармонік!» — у захаванні і адраджэнні народнай творчасці, павышэнне майстэрства самадзейных музыкаў. Сюды прыязджаюць выдатныя калектывы, унікальныя майстры, у тым ліку і з іншых абласцей, што пашырае і ўмацоўвае творчыя сувязі паміж рэгіёнамі і спрыяе абмену вопытам. У гэтым значнасць такіх мерапрыемстваў, — упэўненая начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Нараўлянскага райвыканкама Іна Рудкоўская.

Упэўненая, гледачы і ўдзельнікі атрымалі сапраўднае задавальненне і асалоду ад свята творчасці. Чытайце ў газеце якія ўзнагароды прывезлі нараўляне з фестывалю.

Наталля ЛАПАЦІНА, фота з архіва АІРКіСМ