Рэальным падзеям, што адбываліся з рэальнымі людзьмі ў няпростых 80-х гадах мінулага стагоддзя, прысвяціў адразу дзве кнігі з адной назвай «Ах, судьба моя, Корма!» пісьменнік-краязнаўца Аляксей Сазанчук.

Прыцяжэнне роднага парога

Ён нарадзіўся ў Нараўлянскім раёне: у вялікай вясковай сям’і быў самым малодшым, сёмым дзіцём. Сталае жыццё Аляксея Іванавіча было звязана са службай у органах унутраных спраў, як на тэрыторыі БССР (прайшоў шлях ад радавога міліцыянера да намесніка начальніка Жлобінскага ГРАУС), так і ў следчых падраздзяленнях УУС Ямала-Нянецкай аўтаномнай акругі Расіі, куды лёс закінуў з сям’ёй пасля трагічных падзей на Чарнобыльскай АЭС. У 1996 годзе ў званні падпалкоўніка  міліцыі выхадзец з Палесся выходзіць на пенсію па выслузе гадоў і праз некалькі гадоў вяртаецца ў Беларусь. Жыве на Гродзеншчыне, там стварае шэраг краязнаўча-мастацкіх кніг: пра людзей, якія побач, блізкіх па духу і сумленных, шчырых працаўнікоў, ды і пра зямлю, якая прыходзіла ў снах і не мог забыць – родную Нараўляншчыну.

Як кажуць, сэрцу не загадаеш: нарэшце, у  2016 годзе прымае рашэнне вярнуцца ў родныя мясціны – туды, дзе яго карані. І тут ужо, надыхаўшыся родным паветрам, вельмі актыўна (відаць, сапраўды падпітвае родная зямелька!) і натхнёна працуе як пісьменнік-краязнаўца.

Пагадзіцеся: толькі нядаўна, у 2020 годзе, з друку выйшла дакументальная аповесць “Дарога даўжынёю ў жыццё” (пра жыццёвы шлях свайго земляка, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, гамяльчаніна Аляксея Галавацкага: служыў кулямётчыкам у адным са злучэнняў партызанскіх атрадаў, якія змагаліся з фашыстамі пад камандваннем генерала-маёра Аляксандра Сабурава, удзельнічаў у ліквідацыі банд-фарміраванняў у Заходняй Украіне, у складзе І Беларускага фронту дайшоў да Берліна…), як пісьменнік-дакументаліст Сазанчук у розных выдавецтвах Беларусі выдае адразу дзве паўнавартасныя кнігі, паяднаныя адной назвай “Ах, судьба моя, Корма!”

Пра зямлю, якая стала роднай

Чаму – Карма? Чаму менавіта гэты невялікі раённы цэнтр стаў вызначальным для творцы, што ўзяўся напісаць дакументальна-краязнаўчы твор? Адказ – у біяграфіі Аляксея Іванавіча. Ды і ў самой кніге.

Так было: пасля вучобы ў Валгаградскай вышэйшай следчай школе МУС СССР, яе выпускнік Аляксей Сазанчук на працягу пяці гадоў служыў следчым, затым старшым следчым Кармянскага РАУС. Карма стала для яго не толькі месцам, дзе атрымаў прафесійнае прызнанне,  – у гэтым прыгожым краі ён сустрэў гасцінных, працалюбівых, дбайных і таленавітых людзей, якія шчыра клапаціліся і любілі сваю родную зямлю. Іх лёс, акроплены многімі сумнымі падзеямі – Чарнобылем,  пасля развалам СССР, – хваляваў Сазанчука ўсё жыццё. З многімі кармянцамі сябраваў, трымаў сувязь на працягу дзесцігоддзяў. Безумоўна, да дробязяў памятаў і свае першыя крымінальныя справы, якія яму, маладому следчаму, даводзілася весці ў пасожскай глыбінцы, з памяці такое ніколі не сатрэш. І калі праз столькі гадоў вярнуўся на роднае Палессе, надта карцела ўзяцца за напісанне кнігі пра яго Кармяншчыну, пра той час, што перажываў сам з яе людзьмі.

Хто яны – героі?

Так, персанажы двух кніг – рэальныя людзі. Простыя людзі, кіраўнікі ўладных, праваахоўных структур таго часу. Адданыя зямлі, на якой жылі, любілі і працавалі, якія паважалі і падтрымлівалі аратых і сейбітаў, працаўнікоў сацыяльнай сферы, інтэлігенцыю. Такія, як першы сакратар райкама партыі Міхаіл Ігнаценка, як пракурор Анатоль Лук’янаў, і іншыя. Гэтыя героі мелі ідэалы, сумленне і веру ў справядлівасць. Яны верылі ў сваю краіну і законнасць. Яны заўсёды былі на баку сумленных працаўнікоў.

Аднак аўтар праўдзіва паказвае і паганцаў, страціўшых сумленне, беспрынцыпных кар’ерыстаў, якіх было, зразумела, значна меней, але ж сваімі дзеяннямі яны знішчалі гэтую веру ў справядлівасць. І прыклады двайной маралі, паўсяместнае перараджэнне і хлусня заганяюць у тупік маладога юрыста, выпускніка вышэйшай следчай школы…

А вынік (сюжэтна і ў жыцці) – знікненне вялікай краіны, у чым вінаваты, на думку Сазанчука, капіталістычны свет, кадектыўны Захад, ЗША. Дзякуючы ім нашы ж прыстасаванцы зрабілі немагчымае, тое, што не змаглі нават фашысты – знішчылі веру ў справядлівасць і, урэшце рэшт, знішчылі саму краіну. Што, падкрэслім, для аўтара кнігі дагэтуль з’яўляецца жыццёвай катастрофай.

Апісваючы рэальныя падзеі, што адбываліся насамрэч, Сазанчук дае свае ацэнкі таму часу. Ён даказвае, што сацыялістычны ўклад жыцця – гэта дабрыня і клопат пра чалавека, гэта мір і стваральная праца, а ўсе недахопы савецкага ладу (яны, безумоўна, былі) можна і трэба было хутка выправіць, а не развальваць цалкам краіну і знішчаць усё лепшае, створанае дзядамі і прадзедамі, ва ўгоду капіталістычнаму свету. А сёння, праз тры дзесяцігоддзі, па віне гэтага ж крыміналізаванага “раю”, свету грошай, наркамафіі і распусты (і некаторыя з нас, што балюча, падтрымліваюць гэтае зло!) ў войнах пылаюць цэлыя кантыненты, гінуць сотні тысяч нявінных людзей. Гібрыдная вайна – у нас на парозе, яны ўжо і на мірную, стваральную Беларусь замахнуліся!..

Аўтар палымяна заклікае нас, жыхароў Беларусі, думаць, берагчы сваю зямлю, спыняць любыя фашыстоўскія памкненні, лідараў краін і ініцыятараў правакацый працягваць да такой жа  адказнасці, як гэта было з фашысцкімі нацыстамі па завяршэнні Вялікай Айчыннай вайны.

Што ж, у любым выпадку новыя кнігі палескага дакументаліста могуць выклікаць дыскусіі, многія яго разважанні могуць паказацца часам наіўнымі, аднак не пагадзіцца з большасцю вывадаў цяжка, бо творца мае рацыю: любому злу не павінна быць месца на планеце Зямля!

Мікалай ІГНАТОВІЧ, фота аўтара