Чаму работа з людзьмі — найлепшы жыццёвы трэнінг па асабістым росце, разважаем разам з Кацярынай Зенкевіч — старшынёй Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў 28 склікання, дэпутатам Бярэзінскай выбарчай акругі № 55.

— Кацярына Анатолеўна, прайшло тры гады з моманту вашага абрання дэпутатам. Ці змяніліся вашы прыярытэты ў рабоце за гэты перыяд?

— Мой асноўны прыярытэт — работа з людзьмі, і нават не зусім так, а работа з чалавекам. Гэта значыць, індывідуальная, у залежнасці ад сітуацыі, якую паставіла перад намі жыццё.

Мне рэгулярна задаюць пытанні і падчас прамых тэлефонных ліній, прыёмаў, а таксама ў ходзе маіх рабочых паездак. У гэтым паўгоддзі да мяне паступіла 54 звароты. Усе яны застаюцца на кантролі да поўнага вырашэння. Між тым, я рэгулярна, не радзей за два разы на тыдзень, а часам і часцей выязджаю ў рэгіёны вобласці. Бываю ў тым ліку ў працоўных калектывах (з пачатку годаправяла 29 сустрэч, на якіх прысутнічала каля тысячы грамадзян). З улікам таго, што падчас адной паездкі я заязджаю ў два-тры населеныя пункты, то за тры гады ўжо наведала не менш за палову ўсіх населеных пунктаў вобласці. За гэты час змагла асабіста пераканацца, якая прыгожая наша Гомельшчына, якія таленавітыя людзі ў нас жывуць і наколькі важная звычайная ўвага да іх. Говорачы аб сваёй рабоце, я не магу не казаць пра каманду ўсіх нашых дэпутатаў. Старшыні раённых Саветаў дэпутатаў і дэпутаты базавага і пярвічнага ўзроўняў за шэсць месяцаў бягучага года правялі больш чым 13 тысяч сустрэч, на якіх было агучана больш за 13 тысяч пытанняў. На сёння 12,5 тысячы ўзнятых праблем вырашана, каля 800 — застаецца на кантролі.

— Чаго ў асноўным датычацца звароты жыхароў Гомельшчыны?

— Гэта дзейнасць камунальнай гаспадаркі, сацыяльнай сферы, сельскай гаспадаркі, землекарыстання і добраўпарадкавання, працаўладкавання. Але бываюць і самыя нечаканыя звароты. Да цяперашняга часу я пад уражаннем ад сваёй першай прамой тэлефоннай лініі ў статусе дэпутата. Мне патэлефанавала вельмі пажылая і, мабыць, вельмі адзінокая, жанчына, якой трэба было перасунуць шафу ў кватэры. Магчыма, на першы погляд, дадзеная гісторыя выклікае ўсмешку, але толькі на першы. Бо вельмі сумна, што ў нас, у абласным цэнтры, дзе пражывае паўмільёна жыхароў, людзі церпяць ад адзіноты. Між тым, напрыклад, менавіта ў выніку зваротаў неабыякавых грамадзян устаноўлены пандус у жылым доме па вуліцы Савецкай у Гомелі, арганізаваны на летні перыяд аўтобусны маршрут у вёсцы Рудня Споніцкая Веткаўскага раёна, у вёсцы Антонаўка Жлобінскага раёна пры ўдзеле РВУП «Гомельаблгаз» устаноўлена дзіцячая спартыўная пляцоўка.

— Гэта значыць, людзей хвалююць не толькі асабістыя падворкі?

— Вядома, бо чалавек жыве ў соцыуме, няма выключна асабістых або выключна грамадскіх пытанняў. Усе мы суседзі, карыстаемся рознымі выгодамі, ходзім па дарогах, нашы дзеці наведваюць дзіцячыя садкі, школы, нам патрэбны медыцына, крамы, транспарт, работа, спорт, культура.
Невыпадкова 2021 год у Рэспубліцы Беларусь аб’яўлены Годам народнага адзінства. Мы адзіныя сваёй гісторыяй, традыцыямі, культурай і агульным духам павагі і роўнасці. Наш народ заўсёды адзіны ў падтрымцы адно аднаго, мы працуем менавіта ў гэтым кірунку. Прыклад адзінства паказваюць рэалізаваныя мясцовыя ініцыятывы. Так, на Брагіншчыне ў бягучым годзе ў паркавай зоне райцэнтра па ініцыятыве аднаго з мясцовых жыхароў устаноўлены памятны знак у гонар пагранічнікаў, сіламі вернікаў пастаўлена новая брама на тэрыторыі храма святога Мікалая Цудатворца, добраўпарадкаваны клумбы, у вёсцы Кірава гэтага ж раёна абсталявалі валейбольную пляцоўку. Па ініцыятыве мясцовай жыхаркі ў вёсцы Целяшы Гомельскага раёна высаджана алея з 46 пладовых дрэў на пад’ездзе да помніка, дзе былі расстраляныя мясцовыя жыхары. У Ельскім раёне сіламі жыхароў сабрана калекцыя ўнікальных прадметаў народнага быту. Цяпер пастаянная дзеючая этнаграфічная калекцыя «Ельскі фартушок» займае 72 квадратныя метры і налічвае больш за 600 экспанатаў народнай творчасці. У Жлобінскім раёне рэалізоўваецца праект «Эка-стандарт» па вытворчасці папяровага посуду — бяруць удзел людзі з ліку ўразлівых груп насельніцтва. Я не хачу пакрыўдзіць іншыя раёны, але пералічыць усе ініцыятывы грамадзян у рамках інтэрв’ю немагчыма.

— Якія асабіста вашы навацыі ў рабоце з мясцовымі жыхарамі?

— З 2018 года на Гомельшчыне праходзяць пашыраныя сустрэчы рознай тэматыкі з удзелам прадстаўнікоў органаў мясцовага кіравання і самакіравання. Нягледзячы на складаную эпідэмічную сітуацыю, летась адбылося шэсць такіх сустрэч і адзін вебінар. Мы працягваем падобную практыку і цяпер. У першым паўгоддзі бягучага года адбылося пяць такіх семінараў. У іх бяруць удзел усе старшыні гарадскіх, раённых Саветаў, дэпутаты ўсіх узроўняў, прадстаўнікі органаў кіравання, кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый. Як правіла, падчас аднаго семінара яго ўдзельнікі наведваюць тэрыторыі да пяці сельскіх Саветаў, сустракаюцца з мясцовымі жыхарамі. У развіцці гэтага руху з’явілася новая форма работы — сустрэчы з актывамі на тэрыторыі сельсаветаў. Цікава, што 14 мая на тэрыторыі Стадоліцкага сельскага Савета Лельчыцкага раёна адбылася мая сустрэча з жыхарамі вёскі Жмурнае з удзелам актыву тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання населеных пунктаў шэрагу сельсаветаў. Абмяркоўвалі дзейнасць органаў мясцовага кіравання і самакіравання па стварэнні ўмоў для развіцця малых населеных пунктаў раёна. Жыхары Жмурнага сустракалі ўсіх удзельнікаў мерапрыемства песнямі. Я чаму пра тое кажу: падкрэсліваю, што нашы людзі не толькі працавітыя, але і жыццярадасныя. Яны разумеюць, што не толькі хлебам жывы чалавек. Сустрэча з песняй — гэта як рытуал узаемапавагі. Людзі выказваюць сваю падзяку за ўвагу да іх жыцця.

Мы падрабязна азнаёміліся з дзейнасцю Стадоліцкага сельскага Савета дэпутатаў, абышлі населены пункт, дзе жыхары распавялі аб добраўпарадкаванні ў межах свайго населенага пункта. Наведалі месца адпачынку, зробленае жыхарамі вёскі, пасля адправіліся ў капліцу. Будаўніцтва капліцы стала сапраўды народнай будоўляй, якая аб’яднала ўсіх і кожнага — вяскоўцаў, спонсараў і мясцовую ўладу. Адразу падтрымалі ініцыятыву, адгукнуліся і дапамагалі, хто чым мог, жыхары і ўраджэнцы Жмурнага, найбліжэйшых вёсак, усе неабыякавыя людзі.

Удзельнікі сустрэчы ўсклалі кветкі да помніка аднавяскоўцам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Падвядзеннем вынікаў мерапрыемства стаў круглы стол, падчас якога пытанні задавалі не толькі месцічы, але і ўсе прысутныя на сустрэчы. За два месяцы, што прайшлі з нашай сустрэчы, ужо ўзвялі званіцу, засталося ўстанавіць толькі купал. Хачу заўважыць, што ў вёсцы Жмурнае зарэгістравана ўсяго 48 чалавек, усе яны пенсіянеры. Дзякуючы іх актыўнасці, пажылымі я іх назваць не магу. Імпэту і пазітыўнай энергіі ў іх вельмі шмат!

— З прыведзеных прыкладаў становіцца зразумела, што многія пытанні дэпутат можа вырашыць толькі ва ўзаемадзеянні з дзяржаўнымі і грамадскімі арганізацыямі.

— Сапраўды, так. Інакш і быць не можа. У дэпутата няма ні тэхнічных, ні матэрыяльных сродкаў для гэтага. Уявіце, у раённы Савет, дзе ў штаце ўсяго два чалавекі — старшыня і яго памочнік, звяртаецца жыхар з просьбай спілаваць сухое дрэва. Вядома, ні адзін дэпутат гэтае пытанне сам не вырашыць, але будзе арганізоўваць вырашэнне праблемы і кантраляваць пытанне да яго вырашэння. Больш за тое, ні адзін іншы орган, нават які валодае пэўнымі дзяржаўнымі ўладнымі паўнамоцтвамі, без сумеснай суладнай работы не вырашыць увесь шэраг пытанняў. Таму я бачу сваю першачарговую задачу ў тым, каб забяспечыць супрацоўніцтва паміж усімі органамі мясцовага кіравання і самакіравання для вырашэння пытанняў жыццезабеспячэння людзей у населеных пунктах.

— Цікава дазнацца і аб заканатворчай дзейнасці Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў.

— У ліку прынятых на сесіях рашэнняў — «Аб мясцовым зборы», якое выклікала пэўны рэзананс. Я заўсёды лічу, што пытанні ўзнікаюць з дзвюх прычын: або ад недахопу інфармацыі, або з мэтай прыцягнення ўвагі. Другі фактар не магу выключыць, Але магу выказацца па першым. На тэрыторыі Гомельскай вобласці з 1 чэрвеня 2021 года да 1 студзеня 2023 года ўведзены збор за перасячэнне граніцы. Улічваючы сітуацыю, якая склалася ў свеце, мы павінны задацца пытаннем: а навошта, з якой мэтай тое зроблена. Наш бюджэт з’яўляецца сацыяльна арыентаваным: выдаткі на сацыяльную сферу складаюць 70 %. Выдаткі бюджэту ва ўмовах эпідэмічнага становішча выраслі ў разы. І сродкі ад збору за перасячэнне граніцы, хоць і вельмі нязначныя, накіроўваюцца на прыняцце дадатковых мер па кансалідацыі даходаў бюджэту для барацьбы з COVІD-19. Абласны Савет дэпутатаў мінімізаваў гэты збор: пры вызначаным памеры стаўкі падатку ў межах трох базавых велічынь устаноўлена стаўка ў памеры адной базавай велічыні. Акрамя таго, прадугледжана вызваленне ад выплаты збору адзінаццаці катэгорый асоб Падатковым кодэксам, рашэннем № 245 дадаткова вызваленыя 13 катэгорый асоб.

— Якія яшчэ пытанні разглядаліся на сесіях?

— Праведзена ацэнка эфектыўнасці рэалізацыі рэгіянальных комплексаў за 2016—2020 гады. На тэрыторыі Гомельскай вобласці на 2021—2025 гады зацверджана 19 рэгіянальных комплексаў мерапрыемстваў па рэалізацыі дзяржаўных праграм. Вялікая ўвага сёлета аддаецца рабоце з дзяржаўнай маёмасцю. Савет дэпутатаў валодае выключным правам устанаўліваць парадак распараджэння маёмасцю. Дарэчы, 22 красавіка бягучага года на абласной сесіі быў упершыню зацверджаны рэгіянальны комплекс мерапрыемстваў па рэалізацыі новай дзяржаўнай праграмы «Зямельна-маёмасныя адносіны, геадэзічная і картаграфічная дзейнасць» на 2021—2025 гады.

— Якія задачы пастаўлены ў сувязі з гэтым?

— Дэпутаты адзначылі, што па многіх кірунках у рабоце з маёмасцю Гомельская вобласць дасягнула нядрэнных вынікаў, а па асобных пазіцыях займае лідзіруючае становішча ў краіне. Гэта вынік цеснага ўзаемадзеяння ўсіх органаў кіравання і самакіравання.

Аднак асноўнай задачай для нас з’яўляецца не толькі захаванне высокіх паказчыкаў, але і, самае галоўнае, забеспячэнне парадку на зямлі і далейшае ўстойлівае эканамічнае развіццё вобласці. Самазанятасць, развіццё малога бізнесу і прадпрымальніцтва — важная задача, якая спрыяе фінансавай незалежнасці нашых грамадзян. Дзяржава ў дадзеным кірунку робіць шмат крокаў. Я толькі адзначу, што ў вобласці за сёлетнія студзень-май працаўладкаваны на створаныя рабочыя месцы і па наяўных вакансіях 6834 грамадзяніна, з іх беспрацоўных — 3062.

— Раскажыце пра навацыю ў дзейнасці абласнога Савета.

— На выязной сесіі абласнога Савета дэпутатаў 18 чэрвеня ў аграгарадку Ляскавічы Петрыкаўскага раёна было прынята рашэнне аб удзеле ў стварэнні Гомельскай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў. Стварэнне асацыяцыі неабходнае для забеспячэння каардынацыі дзейнасці мясцовых Саветаў дэпутатаў па развіцці прававой, арганізацыйнай, фінансава-эканамічнай і тэрытарыяльнай асноў мясцовага самакіравання, арганізацыі іх узаемадзеяння па вырашэнні актуальных праблем, забеспячэння абароны правоў мясцовых Саветаў дэпутатаў і прадстаўлення іх агульных інтарэсаў у іншых дзяржаўных органах Рэспублікі Беларусь. Мы чакаем шмат чаго ад гэтай структуры, час пакажа яе эфектыўнасць. У заключэнні хацелася б адзначыць: вельмі важна, каб людзі ведалі пра работу дэпутатаў. Я ў чарговы раз кажу словы падзякі выбаршчыкам за аказаны давер і хачу адзначыць, што дэпутацтва — гэта нялёгкая праца, але тым не менш неабходная для нашых грамадзян і грамадства ў цэлым.

Источник, фото: «Звязда»