Дабрачыннасць — адметная рыса характару людзей з добрым сэрцам. Як яна ажыццяўляецца ў каталіцкай канфесіі? Аб гэтым расказаў ксёндз Януш Чарнамораў, пробашч парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Нароўлі.

У Гомельскай вобласці дзейнічае Дабрачынная каталіцкая Місія «Карытас-Міласэрнасць».

— Паслуга любові мае важнае значэнне ў місіі касцёла і з’яўляецца выразам яго сутнасці, — лічыць ён. — Менавіта таму касцёл актыўна развівае сацыяльнае вучэнне, заклікае да спраў міласэрнасці і актыўнай пазіцыі ў гэтым пытанні.

Карытас не з’яўляецца для касцёла формай грамадскай апекі, якую можна даручыць каму-небудзь іншаму, але належыць да яго натуры, з’яўляецца неад’емным выяўленнем яго сутнасці. Карытас касцёла як праяўленне трынітарнай любові. «Калі бачыш любоў, бачыш Тройцу», — пісаў св. Аўгусцін. Любоў да бліжняга, якая грунтуецца на любові да Бога, з’яўляецца, перш за ўсё, абавязкам кожнага веруючага, а таксама абавязкам усёй касцёльнай супольнасці.

Па словах Януша Чарнаморава, карытас — гэта больш за 160 арганізацый па ўсім свеце, якія не застаюцца ў баку, калі нехта мае патрэбу ў дапамозе. Гэта вялікая каманда неабыякавых людзей, якія хочуць суперажываць, рабіць справы міласэрнасці і шануюць годнасць кожнага чалавека. Гэта любоў і падтрымка незалежна ад нацыянальнасці, колеру скуры, веравызнання, сацыяльнага статусу і іншых асаблівасцяў.

На тэрыторыі Беларусі знаходзіцца шэсць галоўных дабрачынных цэнтраў Карытас, не лічачы вялікай колькасці парафіяльных Карытас у асобных гарадах.

КарытасПінскай дыяцэзіі працуе па такіх напрамках, як аказанне дапамогі адзінокім і састарэлым людзям, шматдзетным і няпоўным сем’ям, дзецям-сіротам, апякунскім і прыёмным сем’ям, людзям, якія трапілі ў цяжкую жыццёвую сітуацыю, інвалідам і інш. Ёю вядзецца духоўная праца з рознымі катэгорыямі людзей.

— Каталіцкі касцёл пабудаваў і ўтрымоўвае ўстанову сацыяльнага абслугоўвання «Лагішынскі дом міласэрнасці», які працуе ўжо 14 гадоў, — працягвае размову мой суразмоўца. — Там пражываюць 40 чалавек, якія патрабуюць асаблівага ўходу. Ён прымае людзей незалежна ад веравызнання.

У Гомельскай вобласці касцёл працуе па такім праектам, як «Дзіцячая вёска». Гэта вялікі дом для маленькіх людзей са складаным лёсам. Пабудовай цэлага комплексу для дзяцей-інвалідаў займаўся каталіцкі касцёл. У 2011 годзе тут пасяліліся 60 хлапчукоў і дзяўчынак. Яны знаходзяцца ў ім на працягу ўсяго жыцця. Дзейнасць яго ажыццяўляецца пры непасрэдным удзеле і падтрымцы абласнога камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва за кошт дзяржаўнага бюджэта. «Карытас-Міласэрнасць» з мэтай паляпшэння якасці жыцця выхаванцаў «Дзіцячай вёскі» пастаянна аказвае дапамогу ў выглядзе бытавой і камп’ютарнай тэхнікі, мэблі, метадычных, дыдактычных, развіваючых матэрыялаў і цацак, адзення, абутку, прадуктаў харчавання, сродкаў гігіены і бытавой хіміі, гаспадарчых і канцэлярскіх тавараў.

Каталіцкая Місія пабудавала ў Гомелі «Інтэгратыўны адукацыйна-тэрапеўтычны цэнтр», які стаў працягам і дапаўненнем ідэі «Дзіцячай вёскі». Дзейнасць цэнтра накіравана на паляпшэнне якасці жыцця, развіццё і адукацыю дзяцей і маладых людзей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, якія пражываюць як у «Дзіцячай вёсцы», так і ў сем’ях. Праца цэнтра спрыяе сацыяльнай інтэграцыі і інклюзіі дзяцей, маладых і дарослых людзей з інваліднасцю. Ён працуе на падставе дамовы аб супрацоўніцтве паміж «Карытас-Міласэрнасць» і камітэтам па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Гомельскай вобласці. Згодна з дамовай «Карытас-Міласэрнасць» перадала ў карыстанне будынак з усім абсталяваннем, забяспечвае неабходную падтрымку.

Жыхары Нараўляншчыны на працягу некалькіх гадоў рэгулярна атрымоўваюць дапамогу ад каталіцкай місіі Карытас праз тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Ім выдаюць наборы прадуктаў харчавання, неабходнае адзенне і абутак, дровы, сродкі гігіены і іншае. Такая дабрачыннасць ажыццяўляецца амаль што ва ўсіх раёнах Гомельшчыны, а мясцовы касцёл у гэтым дапамагае.

У снежні 2022 года касцёл адкрыў «Пункт сацыяльнай дапамогі ў Мазыры». Людзі рознага веравызнання могуць звяртацца сюды па дапамогу.

Вольга ПАРТЫКА, фота Міхаіла ШАЎЧЭНКІ