Адной з самых вядомых жанчын пасляваеннага часу ў Нароўлі і ў Палескай вобласці была Аляксандра ДЗЯМІДЧЫК. Збіраючы матэрыял па гісторыі нашага раёна, я натыкнуўся на прысвечаную ёй публікацыю ў абласной газеце «Бальшавік Палесся» за 1951 год. Публікуем яе на старонцы нашага выдання.

Дваццаць шэсць пар уважлівых вачэй прыкавана да маленькай прабіркі. Аляксандра Карпаўна прывычна паварачвае яе над бяздымным сіняватым аганьком спіртоўкі да таго часу, пакуль не растапліваюцца ў прабірцы крупінкі чырванаватага парашка.

— Увага, рабяты. Пачынаецца рэакцыя разлажэння ртутнага вокіса, — звяртаецца Аляксандра Карпаўна да класа. — Праз некалькі хвілін з прабіркі пачне выдзяляцца газ, а на сценках яе мы можам убачыць кропелькі серабрыстай ртуці.

Углядваючыся ў твары сваіх вучняў, яна з задавальненнем адзначае ў іх і нецярплівасць, і напружаную думку. Можа пагэтаму, падносячы да прабіркі лучынку, Аляксандра Карпаўна прыкметна хвалюецца. А раптам лучынка не загарыцца? Не атрымаецца вопыт, і дзеці не зразумеюць рэакцыю разлажэння.

Хваляванне настаўніцы перадаецца сямікласнікам. А калі ўспыхвае лучынка, яна аблегчана ўздыхае. Кісларод выдзеліўся і на вачах дзяцей чырвоны парашок ператварыўся ў шэрую, а затым серабрыстую масу. Аляксандра Карпаўна асцярожна пераварочвае прабірку на газетны ліст і перадае яго класу. Дзяўчынка на першай парце закранае ртуць кончыкам пяра, і серабрыстая маса імгненна рассыпаецца на дробныя, тускла пабліскваючыя шарыкі.

— Бачце, бегаюць, як жывыя. Не дарма ртуць жывым серабром называюць, — гаворыць Аляксандра Карпаўна, згортваючы газету.

Яшчэ некалькі хвілін расказвае яна аб ртуці, і рабяты даведваюцца, што і ў медыцыне, і ў тэхніцы патрэбны гэтыя рухомыя шарыкі.

Васемнаццаць гадоў жыцця Аляксандра Карпаўна Дзямідчык аддала школе. І сотні яе вучняў, дзе б яны ні жылі і працавалі цяпер, памятаюць сваю настаўніцу, яе спакойны ўладарны голас, строгія, патрабавальныя, а іншы раз і ззяючыя ўсмешкай вочы. У цяжкую хвіліну, рашаючы якое-небудзь важнае практычнае пытанне на вытворчасці, у калгасе, у інстытуце,  яны не раз паўтараюць яе словы: «Усё даступна чалавеку. Трэба толькі з любоўю ўзяцца за справу і аддацца ёй цалкам».

Заседжваючыся ў чытальні над працамі Ламаносава, Мендзялеева і выдатных савецкіх вучоных, успамінае сваю настаўніцу Сяргей Сямітка, студэнт Ленінградскага хіміка-тэхналагічнага інстытута. Часта перад ім усплываюць успаміны аб першых уроках па хіміі ў школе. Аднойчы, не падрыхтаваўшы хатняе заданне, ён заявіў на ўроку:

— Хімія — навука сумная. Яе вучыць няма ахвоты.

Аляксандра Карпаўна паставіла яму двойку. У той жа дзень, вяртаючыся са школы, Сяргей зноў сустрэў Аляксандру Карпаўну. Выпадкова, а можа быць і не выпадкова, ім аказалася па дарозе. Збянтэжана адказваючы на пытанні настаўніцы, ён увесь час глядзеў убок. Гутарка зайшла аб будучай прафесіі Сяміткі. Аказалася, ён горача марыць стаць інжынерам.

— Я хачу машыны рабіць.

— А ведаеш, з чаго робяць машыны?

— Зразумела, з металу.

— Так, з металу, — пацвердзіла задумліва Аляксандра Карпаўна. — Але метал жа з неба не звальваецца. У хімічных лабараторыях раскрываецца сакрэт яго трываласці і ўстойлівасці.

Доўга яшчэ гаварыла настаўніца, і Сяргей даведаўся, што без дакладнага хімічнага аналізу ніколі не былі б створаны штучныя крышталы, ні славутая нержавеючая сталь. Нічога не сказаў тады Сямітка. Але з таго часу яго мара стала больш канкрэтнай. Другімі вачыма глянуў ён на хімію, якая тоіць у сабе таямніцу нараджэння новых металаў. Цяпер Сяргей — студэнт другога курса хімічнага факультэта. Вучыцца ён паспяхова і не раз з удзячнасцю ўспамінае сваю настаўніцу.

Гэты выпадак — адзін з многіх.

Аляксандра Карпаўна прымушае вучняў зразумець, што хімія ў школе — азбука вялікай і цікавай справы, якой можна і варта аддаць усе свае здольнасці, усё сваё жыццё.

Кіруючыся ў сваёй рабоце словамі Ламаносава: «Хіміі ніякім чынам навучыцца немагчыма, не бачыўшы самой практыкі і не прымаючыся за хімічныя аперацыі», яна вучыць дзяцей скрозь прабіркі і простыя вопыты бачыць магутны рост хімічнай прамысловасці ў нашай краіне.

Першы дзень вайны застаў Аляксандру Карпаўну ў Гомелі, дзе яна, маладая настаўніца-завочніца з палескай вёскі Кіраў, здавала апошнія экзамены за чацвёрты курс педінстытута. Яна вярнулася ў родную вёску. Муж яе пайшоў на фронт. І калі немцы наблізіліся да Палесся, Аляксандра Карпаўна сабралася ў эвакуацыю. Напярэдадні ад’езду яе выклікаў прадстаўнік камандавання Чырвонай Арміі. Ёй прапанавалі застацца ў тыле ворага для агентурнай работы. Аляксандра Карпаўна ўспомніла ліпеньскае выступленне правадыра і згадзілася, падумаўшы, што самы сур’ёзны і адказны экзамен у яе жыцці толькі пачынаецца.

Затым у Палессе прыйшлі немцы. Яны хутка ўстанавілі «новы парадак»: рабскую працу, кары смерцю. Вярнулі вёсцы старую, абрыдлую назву — Мохаеды.

Для Аляксандры Карпаўны пачалося напружанае, поўнае небяспекі і нязвыклай працы жыццё. Па начах да яе прыходзілі дэсантнікі, разведчыкі Чырвонай Арміі. Па іх заданні Аляксандра Карпаўна хадзіла ў разведку, сачыла за перасоўваннем варожых часцей.

Некалькі разоў яе арыштоўвалі, проста па падазрэнні. Але спакойная, стрыманая ва ўсіх абставінах, яна збівала з панталыку ворага. Яе выпускалі і яна зноў вярталася да небяспечнай справы.

У сакавіку 1943 года яна ўвайшла ў разведроту праслаўленнага партызанскага злучэння двойчы Героя Савецкага Саюза С.А. Каўпака. У роце спачатку недаверліва аднесліся да новай разведчыцы. Але яна хутка заваявала партызанскія сэрцы сваёй адвагай, падрабязна апісанай Пятром Вершыгарой у кнізе аб каўпакоўцах, аб людзях з чыстым сумленнем.

Карпаўна (так звалі яе партызаны) пранікла ў размяшчэнне славацкага палка і перадала вядомае пісьмо партызанскіх генералаў Каўпака і Руднева камандзіру славакаў.

Летам 1943 года каўпакоўцы па заданні таварыша Сталіна рушылі ў славуты Карпацкі рэйд. У час яго Аляксандра Карпаўна кіравала групай партызанак-разведчыц. Гэта быў адказны, цяжкі, небяспечны рэйд. За тысячу кіламетраў ад фронта партызаны ў глыбокім тыле ворага ўзрывалі масты і нафтапромыслы, падымалі народ на свяшчэнную партызанскую вайну.

Карпаўна з гонарам вытрымала карпацкі экзамен. Яна хадзіла ў разведку, перавязвала раненых, пераносіла іх і цярпліва даглядала. У час рэйда легендарны камісар Сямён Васільевіч Руднеў параіў ёй уступіць у партыю:

— Час, Карпаўна, час!

У партыю яна ўступіла пасля Карпацкага рэйда ў пінскіх лясах, дзе Першая ўкраінская партызанская дывізія імя Каўпака рыхтавалася да новых баёў і паходаў. Са сваёй партызанскай разведротай Аляксандра Карпаўна пабывала пад Варшавай, а вясной партызаніла ў Заходняй Беларусі. Да таго часу яна ўжо была палітруком роты. Разведчыкі прыслухоўваліся да кожнага яе слова. У канцы 1944 года яна дэмабілізавалася. Разведчыкі цёпла праводзілі яе ўсёй ротай, падаравалі гадзіннік.

— У школе без гадзінніка нельга. Ведаем, — гаварылі яны ўсміхаючыся.

У Аляксандры Карпаўны чатыры ўрадавыя ўзнагароды, сярод іх — баявы ордэн і ордэн «Знак Павагі» за паспяховую педагагічную дзейнасць, падзякі партызанскага камандавання і імянная зброя. Беражліва захоўвае яна просты мужчынскі гадзіннік з чорным цыферблатам — дар партызанскага сяброўства.

Без гадзінніка сапраўды цяжка было б Аляксандры Карпаўне. Яе рабочы дзень разлічан на хвіліны. Раніцай — урокі па хіміі ў Нараўлянскай беларускай сярэдняй школе, днём — раённы парткабінет, у якім яна працуе ўжо другі год. Па вечарах Аляксандра Карпаўна рыхтуецца да чарговых заняткаў у школе, праводзіць гутаркі са слухачамі гуртка па вывучэнню гісторыі ВКП(б)Б: яна — член таварыства па распаўсюджванню навуковых і палітычных ведаў, чытае публічныя лекцыі па прыродазнаўству.

Ёсць у Аляксандры Карпаўны яшчэ адзін абавязак, да якога яна адносіцца з той жа ўвагай, як да ўсіх сваіх асноўных заняткаў. Яна вядзе перапіску. Пішуць свайму палітруку былыя партызаны-разведчыкі з усіх канцоў Савецкага Саюза — з Сібіры, Урала, Масквы і Крыма, пішуць Карпаўне чытачы кнігі Пятра Вершыгары «Людзі з чыстым сумленнем».

Піша сваёй былой настаўніцы і афіцэр Савецкай Арміі Н. Музычанка. У свой час за нейкі ўчынак яго хацелі выключыць са школы. Аляксандра Карпаўна на педсавеце адстаяла тады свайго вучня, затым часта гутарыла з ім. Гэта было да вайны, але і цяпер Музычанка добра памятае тыя гутаркі і па-ранейшаму чула прыслухоўваецца да голасу сваёй настаўніцы.

— Будзьце ж гатовы, дарагія таварышы! Вучыцеся і сумленна нясіце службу, загартоўвайце сябе, каб у патрэбны момант вы змаглі ўціхамірыць усякага агрэсара, — пісала нядаўна Аляксандра Карпаўна гвардыі лейтэнанту і яго баявым сябрам.

Нядаўна Аляксандра Карпаўна атрымала пакет з Масквы ад партызанскага генерала Пятра Вершыгары. Ён прыслаў былой храбрай разведчыцы новыя раздзелы сваёй кнігі з аўтарскім надпісам: «Чалавеку з чыстым сумленнем». Аб Аляксандры Карпаўне Дзямідчык — таленавітай настаўніцы і сапраўдным савецкім чалавеку — лепш не скажаш.

А. Строева. Нараўлянскі раён

(падрыхтаваў В. Чайка)