Добраўпарадкаванню горада надаецца вялікая ўвага. Зараз тут працягваюцца работы па высадцы кветкавай расады на клумбах.

Роля кветкавых куточкаў адпачынку ў арганізацыі камфортнага, здаровага асяроддзя пражывання чалавека велізарная. З’яўляючыся важным элементам добраўпарадкавання, яны не толькі ўносяць мернасць і гарманізуюць прастору, але і дабратворна ўплываюць на душэўны стан жыхароў.

У гэтым годзе гарадскія кветнікі ўпрыгожылі пятуніі, аксаміткі, агератумы, вяргініі, цыніі, браткі, цынерарыі.

— У агульнай складанасці мы высадзілі 8 500 розных кветак. Акрамя таго, у гарадскім парку і на набярэжнай Прыпяці з’явіліся 35 туй, — распавяла Алена Маскаленка, начальнік участка «Добраўпарадкаванне, саначыстка і перапрацоўка ЦКА» КУП «Жылкамбуд».

З шматгадовых кветак ужо цешаць вока яркія бутоны цюльпанаў, касачоў, гваздзікі турэцкай і Шабо. Мнагалетнікі здольныя расці на адным месцы некалькі гадоў, але ў параўнанні з аднагадовымі раслінамі квітнеюць яны нашмат менш. Таму шматгадовыя культуры звычайна падсаджваюць да адналетак, каб дапоўніць яркія кампазіцыі.

Таксама Алена Яўгенаўна распавяла, што ў вясновы перыяд праведзены маштабныя работы па выдаленні амелы. Гэта расліна-паразіт небяспечна тым, што выклікае гніенне драўніны. Каб выратаваць зялёныя насаджэнні, камунальнікі выдалілі амелу з дрэў на вуліцах Кастрычніцкай, Леніна, Камсамольскай, Піянерскай, Камуністычнай і іншых.

Не застаюцца ў баку ад добраўпарадкавання і дэпутаты. Гэтай вясною на тэрыторыях Нараўлянскага, Кіраўскага і Галоўчыцкага сельскіх Саветаў высаджана каля 300 розных дрэў. Як распавёў старшыня Кіраўскага сельскага Савета Дзяніс Сахарчук, цяпер прапрацоўваецца пытанне разбіўкі клумбаў і пасадкі квітнеючых раслін на тэрыторыі цэнтральнай сядзібы сельсавета.

Імкненне жыць у чысціні і прыгажосці — рыса, уласцівая нараўлянам у поўнай меры. Дзякуючы агульным намаганням Нараўляншчына радуе вока не толькі мясцовых жыхароў, але і гасцей.

Алеся ЛІТВІН, фота Віктара ПАЎЛАВА