Сёння мы адзначаем 100-годдзе з дня нараджэння Івана Мележа — нашага славутага пісьменніка, аўтара аднаго з самых значных твораў беларускай літаратуры XX стагоддзя трылогіі «Палеская хронiка».

Прапануем вам 10 цікавых фактаў з яго жыцця.

Факт 1. Быў вельмі сарамлівым

У асяроддзі пісьменнікаў Іван Мележ лічыўся ідэальным суразмоўцам, таму што ўмеў слухаць. Ён ніколі не перапыняў суразмоўцу нават тады, калі быў нязгодны. Зрабіць заўвагу не жадаў, а можа і саромеўся… Сам жа вёў гутаркі спакойна, разважліва, аргументавана, нібы ўзважваючы кожнае сваё слова, кожную думку. Таму ўсе, хто хоць раз сустракаўся з Мележам, даражылі яго словам.

Факт 2. Першы твор напісаў левай рукой

Упершыню пісаць творы Іван Мележ пачаў падчас Вялікай Айчыннай вайны. Першае апавяданне быў вымушаны пісаць левай рукой, таму што знаходзіўся ў гэты час у шпіталі, у Тбілісі, дзе лячыўся ад ран. Апавяданне мае назву “Сустрэча” і публікавалася з паметкай “Каўказ, шпіталь, 1942 год”.

Факт 3. “Палеская хроніка” была задумана як пенталогія

Усе ведаюць знакаміты твор Івана Мележа “Людзі на балоце”, што з’яўляецца першай часткай трылогіі “Палеская хроніка”. А між тым аўтар задумваў раман не ў 3, а ў 5 частках. Але Іван Мележ памёр, не паспеўшы ажыццявіць задуманае. Дзве ненапісаныя часткі пенталогіі нават мелі назвы — “За асакою бераг” і “Праўда вясны”. Так што многія крытыкі дагэтуль спрачаюцца, як павінна была скончыцца “Палесская хроніка” на самай справе.

Факт 4. Галоўны кансультант бацька

“Палеская хроніка” пісалася на працягу многіх год. Іван Паўлавіч хацеў захаваць у рамане асаблівасці сялянскага быту пачатку ХХ ст. Асноўнай гістарычнай крыніцай для пісьменніка сталі яго лісты да бацькі. У кожным з іх ён задаваў пытанні адносна побыту, абрадаў і жыцця палешукоў. Бацька ў падрабязнасцях інфармаваў сына аб мясцовых назвах, стравах, святах, як адбываліся сельскагаспадарчыя працы, тлумачыў тэхналогію і многае іншае. У пісьменніка быў вельмі адказны, шчыры і вопытны кансультант.

Факт 5. «Пайшла, ніколі ўжо не вернешся, Алеся» 

У жыцці Мележа былі дзве гісторыі кахання. Яго першую дзяўчыну звалі Алеся. Яна нарадзілася ў той жа вёсцы Глінішчы, што і будучы пісьменнік. Яны пасябравалі падчас вучобы ў Алексіцкай сямігодцы. Далей Іван працягнуў вучобу ў дзесяцігодцы, што знаходзілася ў Хойніках, а Алеся паступіла ў педтэхнікум, скончыла яго і працавала настаўніцай. Каханых разлучыла вайна. Дзяўчына засталася на акупаванай тэрыторыі, а Мележ знаходзіўся на фронце.

У 1942 годзе ён быў паранены і пасля лячэння адпраўлены ў тыл. У горадзе Бугуруслан Арэнбургскай вобласці пазнаёміўся з Лідзіяй Пятровай. У красавіку 1943-га яны распісаліся.

Факт 6. Паэт “Іван Мелеш”

Да вайны ў Мележа з’явілася некалькі паэтычных публікацый. Праўда, адна з іх падпісана “Мелеш”. Калі паэт Мікола Аўрамчык спытаў, адкуль з’явіўся такі дзіўны псеўданім, Іван Паўлавіч, усміхнуўшыся, адказаў: “Трэба разборліва пісаць сваё прозвішча пад творам”. Падчас вайны пісьменнік пачаў пісаць апавяданні.

Факт 7. «Тут святло павінна быць, а не туманы…»

Доўгі час Мележ не мог вызначыцца з назвай рамана. Калі ён прынёс рукапіс у часопіс “Полымя”, на асобным лісце мелася ажно пятнаццаць варыянтаў загалоўка. Пісьменніка найбольш прываблівалі дзве: “Людзі на балоце” і “Туманы над багнай”. Раман назвалі “Туманы над багнай”. Але, як згадваў пісьменнік Барыс Сачанка, супрацоўнік рэдакцыі Алесь Рылько, прачытаўшы карэктуру, засумняваўся: “Даволі змрочна ўсё гэта. А назва “Туманы над багнай” яшчэ больш прыгнятае. Першыя гады савецкай улады, тут святло павінна быць, а не туманы…” Мележ згадзіўся, дадаўшы, што назва “Людзі на балоце” яму больш па душы.

Факт 8. «Людзі на балоце» ледзь не згарэлі

Як згадваў пісьменнік Васіль Вітка, аднойчы ў пісьменніцкім доме на Карла Маркса, 36, дзе жылі Вітка і Мележ, здарыўся пажар. Тым часам Мележ, які нічога не ведаў пра пажар, вяртаўся дадому. На двары ён убачыў натоўп людзей. Яму паведамілі, што пажар быў у яго кватэры. Мележ збялеў. А праз некаторы час ужо свяціўся ад шчасця. Што ж здарылася? У кабінеце на пісьмовым стале ляжаў скончаны раман “Людзі на балоце”. Калі б пажар дайшоў да гэтага пакоя, рукапіс не ацалеў бы.

Факт 9. Стары Глушак сусед па лецішчы

Яшчэ да таго, як з’явіліся знакамітыя лецішчы на Лысай гары, некаторыя пісьменнікі атрымалі ўчасткі для будаўніцтва ў Ждановічах. Ад свайго лецішча Мележ меў не толькі станоўчыя ўражанні. Адзін ў суседаў нячаста прыязджаў у Ждановічы. У доме пастаянна жыў цесць, які завёў сабаку. Той часта выў. Мележ папрасіў, каб сабаку кудысьці прыбралі, але сусед адмовіўся. Як пісаў паэт Алесь Бачыла, Мележ прызнаўся яму, што пісаў з суседа вобраз Глушака з “Палескай хронікі”.

Факт 10. Васіль і Ганна маглі пачаць усё з пачатку?

“Палеская хроніка” засталася няскончанай. Але ў нататніках Мележа засталіся запісы, якія дазваляюць меркаваць, што здарылася б з галоўнымі героямі. Так Ганна Чарнушка ўрэшце звязала бы свой лёс не з Васілём, Яўхімам ці Башлыковым, а з былым чырвонаармейцам Міканорам. Васіль Дзяцел мусіў вярнуцца з франтоў Другой сусветнай. Дарэчы, Лідзя Пятрова-Мележа пісала, што яе муж разглядаў нават такі варыянт: позняе каханне Васіля і Ганны ці пачуцці паміж іх дзецьмі. Але гэтым планам так і не было наканавана збыцца.

Падрыхтавала Наталля ЛАПАЦІНА по матэрыялам інтэрнэта
Фота з інтэрнэта і Віктара ПАЎЛАВА