17 верасня мы адзначым адно з самых маладых дзяржаўных святаў — Дзень народнага адзінства. Свята, якое заклікае беларусаў не толькі ўспомніць гістарычныя падзеі, але і нагадаць грамадзянам нашай краіны аб важнасці згуртавання і яднання.

Свята выбрана невыпадкова. У гэты дзень у 1939 годзе аб’ядналіся Заходняя і Усходняя Беларусь. Наш народ стаў адзіным і атрымаў магчымасць развівацца ў межах адной рэспублікі.
Падзеі жніўня 2020 года і існуючыя рэаліі паказалі, наколькі важна свята для Беларусі. Яно заклікае аб’яднаць самых розных людзей, нагадаць ім аб сіле і векавой мудрасці беларускага народа і, вядома ж, пра тое, што толькі разам можна рэалізаваць усё задуманае, пераадолець перашкоды і справіцца з цяжкасцямі. У гэтым наша сіла.
Сёння пад знакам Года гістарычнай памяці ў краіне праходзіць шмат значных мерапрыемстваў у якіх адлюстроўваецца рэальнае жаданне мільёнаў беларусаў зрабіць нашу зямлю моцнай, незалежнай і ўстойлівай да тых выклікаў, з якімі нам даводзіцца сутыкацца. Адкрываюцца важныя аб’екты, праходзяць канцэрты і фестывалі, дыялогавыя пляцоўкі і круглыя сталы, уладкоўваюцца памятныя мясціны, зоны адпачынку, спартыўныя пляцоўкі, высаджваюцца алеі і лясы.
А 17 верасня стане своеасаблівым пунктам адліку для марафону добрых спраў, карысных здзяйсненняў. Таму на Нараўляншчыне, як і па ўсёй краіне, разам з урачыстымі шэсцямі, канцэртамі, спаборніцтвамі і народнымі гуляннямі, праходзяць розныя акцыі і праекты, святочныя мерапрыемствы патрыятычнай накіраванасці.
Хай Дзень народнага адзінства будзе не проста датай у календары, а стане сімвалам міру, згоды і патрыятызму. Напоўніцца канкрэтнымі справамі па захаванні нашай гісторыі, лепшых традыцый, павазе да подзвігу дзядоў і прадзедаў, якія адстаялі для нас свабоду ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Хай у кожнага з нас паднімецца планка адказнасці за сучаснасць і будучыню Беларусі. Бо Радзіма ў нас адна і толькі ад нас залежыць яе незалежнасць и далейшае развіццё.
Чакаем усіх на свята 17 верасня на плошчы Леніна ў Нароўлі!

Людміла НЕЎМЕРЖЫЦКАЯ