Акунуцца ў весялосць і атрымаць падарункі дазваляе акцыя «Нашы дзеці». У гэтым годзе яна стартуе 14 снежня і працягнецца да 14 студзеня 2022-га.

Акцыю на Гомельшчыне адкрые кадэцкі баль, які пройдзе ў Палацы культуры чыгуначнікаў. 23 снежня 80 найлепшых навучэнцаў таксама запросяць на абласны баль у грамадска-культурным цэнтры. Па традыцыі тут уручаць прэміі аблвыканкама тым, хто дасягнуў бліскучых поспехаў у інтэлектуальнай і грамадскай дзейнасці. А галоўная ёлка рэгіёну збярэ дзяцей у гомельскім цырку 27 снежня.

Традыцыйна да ўдзелу ў дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці» далучацца ўсе неабыякавыя людзі. Павіншуюць дзяцей з Новым годам кіраўнікі органаў улады: наведаюць дамы сямейнага тыпу, дзіцячыя інтэрнатныя ўстановы, апякунскія сем’і не з пустымі рукамі, а з прыемнымі падарункамі. Не застануцца ў баку ад добрай місіі і грамадскія аб’яднанні, іншыя арганізацыі.

Нягледзячы на сітуацыю з распаўсюджваннем каранавіруснай інфекцыі, без увагі і падарунка не застанецца ні адно дзіця. Усе намаганні будуць накіраваны на тое, каб мерапрыемствы адбыліся. Навагоднія прадстаўленні пройдуць у традыцыйным фармаце, але абавязкова з захаваннем санітарна-эпідэміялагічных мер. Бо здароўе дзяцей — гэта галоўнае.

Актыўны ўдзел у акцыі бяруць і нараўляне. Штогод мы дорым веру ў дабрыню маленькім жыхарам раёна. Акцыя «Нашы дзеці» — гэта выдатная магчымасць падзяліцца часцінкай свайго душэўнага цяпла, пераўтварыцца ў казачных чараўнікоў, што выконваюць запаветныя жаданні дзетак, для якіх адчуваць увагу і клопат дарослых вельмі важна. Далучайцеся і вы да марафону дабра!

Алеся ЛІТВІН,фота Віктара ПАЎЛАВА