Главная | Год малой родины | НАШЫ ЛЮБЫЯ БАБУЛІ…

НАШЫ ЛЮБЫЯ БАБУЛІ…

26 марта 2018 - Прыпяцкая прауда
НАШЫ ЛЮБЫЯ БАБУЛІ…

Раней бабулі пачэсна сядзелі на лаўках, выхоўвалі малых, нават падтрымлівалі дысцыпліну на сваіх дварах. На жаль, сёння многія адвярнуліся ад гэтых умудроных людзей. Аднак, несумненна, калектыўны розум народнай педагогікі — гэта бабулі, што жывуць побач.

Першая гераіня майго аповеду — Валянціна Курыльчык. Яе ўнук Ігар у шэсць год пазбавіўся маці, якая загінула у дарожным здарэнні. Хлопчык пачаў праяўляць агрэсіўнасць, нярвовасць, азлобленасць. Аднак у бабы Валі хапіла мудрасці, цярпення, каб выхаваць. Яна не прапусціла ніводнага бацькоўскага сходу, хадзіла ў школу, каб выслухаць парады настаўнікаў. І памерці дазволіла сабе толькі тады, калі Ігар адслужыў войска, уладкаваўся на працу і ажаніўся…

У Марынкі маці памерла, калі ёй быў усяго годзік. Бабуля Ірына Багданава пачала выхоўваць унучку, якая і называла яе мамай. Бабуля была побач і ў радасці, і ў горы. Марына заўсёды імкнецца быць падобнай на сваю любую бабулечку. Толькі так, ласкава і пяшчотна, яна заўсёды яе называе.

Наталля не помніць сваю маму, хоць тая жывая. Яе пазбавілі бацькоўскіх правоў за беспрасветнае п’янства. Стала, як маці-зязюля. Бабуля Ванда Крыўко знайшла сілы, каб выхаваць унучку, дапамагла ёй атрымаць вышэйшую адукацыю. Сёння ў Наташы свая сям’я, аднак яна заўсёды спяшаецца праведаць родную бабулю. Дадам, што ў свой час бабу Ванду адгаворвалі, што, маўляў, старая ўжо, не пацягне з выхаваннем. На што тая адказала: «Як жа ў зямлі буду ляжаць з такім грахом, што ад сваёй унучкі адвярнулася, а яна будзе выхоўвацца ў дзіцячым доме?!»

Я схіляюся нізка перад гэтымі сціплымі гераінямі нашага жыцця. Упэўнены: зло ніяк не зможа перамагчы дабро толькі таму, што вакол нас і сёння жывуць такія добрыя, клапатлівыя бабулі. Настаў час унукам і ўнучкам дапамагаць штодзённа ім.

Кастусь КАРНЯЛЮК, чытач

Если вам понравилось, поделитесь ссылкой с друзьями:

BB-cсылка на публикацию:

Прямая ссылка на публикацию:

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!