Главная | Год малой родины | Гаючая памяць продкаў

Гаючая памяць продкаў

6 декабря 2018 - Прыпяцкая прауда
Гаючая памяць продкаў

2018 год аб’яўлены Годам малой радзімы. Гэта не азначае, што пра сваю малую радзіму толькі трэба клапаціцца ў гэты год. У кожнай хаце, кожная асоба павінна ўсвядоміць свой доўг перад продкамі. Ні адзін крыж, ніводная магіла не павінны застацца недагледжанымі, каб не губляліся магілы пасля спарахнелых крыжоў. Каб на кожным крыжы былі прозвішчы, імёны і дні народзінаў і смерці, а яшчэ лепш, каб змясціліся эпітафіі ці памяткі асобага зместа.

Напрыклад, на могілках вёскі Ліхаўня, як удалося ўдакладніць толькі цяпер, калі засталіся адзінкавыя сведкі, пахавана больш дзесяці ўдзельнікаў першай сусветнай вайны, а Мікалай Фёдаравіч Дрэвіла і Рыгор Васільевіч Ястрэмскі маюць крыжы Георгія — героі таго часу. Вельмі мала ў свой час выкарыстоўвалі іх дзеля выхавання патрыятызму. Сёння ўсіх іх памятае адзін старэйшы ліхавенец, удзельнік вайны (1941-1945 гг.) Альберт Уладзіслававіч Збароўскі. Яму 94 гады, жыве ў Полацку. Помніць удзельнікаў першай сусветнай вайны, так як і яго бацька, і дзядзька Даніель Адольфавіч.

У Беларусі, асабліва ў раёнах найбольш пацярпелых ад катастрофы на ЧАЭС, з’явілася новая задача. Як захаваць памяць вёсак, якія пакінуты іх гаспадарамі і, толькі ў пазначаныя дні, з дазволу могуць наведаць магілы сваіх родных і блізкіх. Аб гэтым пішуць людзі. Я ж дасылаю некалькі вершаў, якія падкажуць чытачам, што «Малая радзіма», «Бацькаўшчына» — гэта іх духоўны скарб, без якога не бывае дасканалага чалавека (іх мы друкуем на стар. 10 — заўвага рэдакцыі).

Разам з тым, услед за гэтымі вершамі рыхтую шэраг замалёвак аб маёй бацькаўшчыне — Ліхаўні. Менавіта тут, на Нараўляншчыне, жылі мае прадзеды, дзяды, бацькі, нарадзіўся я і прыклаў намаганні, каб жонка-мінчанка і нашы дзеці таксама прыкіпелі да малой радзімы бацькоў.

Гэтае звяртанне да родзічаў і землякоў, якія сёння жывуць не толькі на Нараўляншчыне, але і Мазыршчыне, уцэлым на Гомельшчыне, па ўсіх абласцях Беларусі і не толькі. Мой навукова-практычны шматгадовы медыцынскі вопыт прывёў да высновы, што памяць продкаў мае гаючую моц. Не выпадкова ў 2000 годзе, з выхадам адной з маіх навукова-публіцыстычных кніг, па ініцыятыве знакамітага радыёжурналіста Лідзіі Іванаўны Рыбалкінай (таксама гамельчанка) быў зняты і з поспехам прайшоў на беларускім тэлебачанні тэлефільм «Гаючая памяць продкаў». Мне вядома, што пад уплывам гэтага фільма шматлікія сем’і зацікавіліся сваім мінулым, генеалагічнымі каранямі, яны напоўніліся здаровым духам веры і надзеі ў будучае, прымеранае да ладу жыцця продкаў. Асабіста я яшчэ больш пераканаўся, што памяць продкаў вядзе да неабходнасці сямейных музеяў, дзе збіраюцца рэчы, якія трымаюць цяпло рук блізкіх людзей.

Спадзяюся, што пад гэтай ці іншай рубрыкай (права рэдакцыі) мы не ўпусцім час, каб захаваць для гісторыі памяць хаця б аб тых вёсках і людзях Нараўляншчыны, што знікаюць у віры тэхпрагрэсу. Голас вёсак і прашчураў заціхае, хоць і паволі, але няспынна з зыходам у нябыт кожнага, хто там нарадзіўся, вырас і дбаў росквіту сваёй малой Радзімы, сваёй бацькаўшчыны. Не аддадзім на заўчаснае знікненне духоўных скарбаў, памятуючы, што здаровы дух стварае здаровае цела. Без гэтага не бывае шчасця.

З павагай доктар медыцынскіх навук, прафесар Эдуард ЗБАРОЎСКІ

Если вам понравилось, поделитесь ссылкой с друзьями:

BB-cсылка на публикацию:

Прямая ссылка на публикацию:

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!